Таямніца Неманіцы, альбо гісторыя пра сямейны хутар

Барысаўшчына – адзін з рэгіёнаў, які я даследую для сваёго сяменага дрэва. Мае продкі па бацькоўскай лініі жылі там на працягу як мінімум двух стагоддзяў. І хаця ў прынцыпе мне пашанцавала, што шмат якія дакументы захаваліся, я ўсё роўна сутыкаюся з тым, што нейкай інфармацыі не хапае. Вялікай дапамогай у пошуку мне сталі мае сваякі: дзядзі, цёці і іх кузэны блізкія і далёкія. Зусім нядаўна я падцвердзіла сваю тэорыю датычна дзявочага прозвішча маёй прабабулі.


Варвара Мацьвеева Лукашэвіч (1878-1962) з унучкай Клаўдзіяй

Але ўсё па парадку. Мая прабабуля Варвара нарадзілася на хутары, на хутары які заснавалі два браты недзе ў сярэдзіне 19 стагоддзя. Хутар называўся Купейка. Усё бы нічога, толькі на сучасных мапах гэтая назва не сустакаецца (хаця ёсць у даведніку Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь (Мінская вобласць) 2003 года, як страчаная назва). Таксама іншыя генеалагісты дапамаглі мне знайсці дзве ўзгадкі пра Купейкі ў спісе айконімаў Барысаўшчыны:

Купейка – вёска, зараз не існуе; знаходзілася ў кіламетры на паўднѐвы захад ад вёскі Ярцаўка
Купейка 2-я – вёска, зараз не існуе, знаходзілася на тэрыторыі сучаснага Мётчанскага с/с

(паводле “Гоман Барысаўшчыны” №12(93) за 2006 год, №1-2(94-95) за 2007 год з удакладненнямі)

З. Купейка на мапе 1869 года

Таму мая першапачатковая версія, што хутар мог быць побач з Млёхавам (адкуль паходзяць многія Барысаўскія Лукашэвічы) ці са Старабарысавам (дзе ў прабабулі была маёмасць), адпала. Наступнай задачай стала вызначыць, калі хутар існаваў і да якой царквы адносіўся (паколькі верагодна, што прабабуля была праваслаўнай). Гэта задача апынулася не самай лёгкай і дакладных адказаў усё яшчэ няма. Аднак метрычныя кнігі ў НГАБ і размовы з дзядзямі і цёцямі дапамагаюць, бо хто шукае, той знаходзіць.

Што тычыцца прыхода, па некаторых дадзеных гэта мусіла быць царква ў Лошніцы, але там Купейка не ўгадвалася ніводнага раза. Па адлегласці маглі таксама быць Глівін і Вяляцічы. Але праглядаючы метрычныя кнігі ўсіх трох цэркваў патрэбных запісаў я не знаходзіла: ні запіса аб шлюбе маіх прадзедаў Фёдара Антонава Лукашэвіча і Варвары Матфеевай недзе ў 1897-99 гг, ні запіса аб нараджэнні Варвары прыкладна ў 1878 годзе. Тры гады таму я нават зрабіла запыт ў НГАБ, каб мне зрабілі платны пошук, які таксама не даў вынікаў з-за адсутнасці дакументаў (хаця дадаў да спісу цэркваў Неманіцу).

Скажу шчыра, я была ў роспачы. Справа ў тым, што жаночая генеалогія ўскладняецца тым, што пасля шлюбу прозвішча жонкі традыцыйна мяняецца. Дакладна ж вызначыць дзявочае прозвішча можна толькі па запісе аб шлюбе, якога ў мяне не было. Я працягвала праглядаць запісы па Неманіцкай царкве і сустракала некалькі імёнаў, якія гучалі падобна да маёй прабабулі, сярод іх былі “Застенка Купейки Борисовскій мещанинъ Александръ Матфеевъ Лукашевичъ“, “заст. Купейки мещанка Елена Матфеева Лукашевичъ девица”, “мещанина города Борисова, проживающего на хуторе Купейка, Феодора Матфеева Лукашевича” і “Хутора Купейки Борисовскій мещанинъ Матфей Ивановъ Лукашевичъ“. А паколькі ў Купейцы ўсяго сутракалася толькі тры прозвішчы – Лукашэвіч, Адамейка і Бабіцкі – то выснова напрошвалася сама: Варвара была Лукашэвіч і да шлюба. А бацькам яе быў вышэй узгаданы Мафей Іванаў Лукашэвіч. Зрэшты гэтая версія і падцвердзілася пры далейшай размове са сваякамі, якія падцвердзілі, што Фёдар Матфееў і Варвара Матфеева былі роднымі братам і сястрой.

Вядома, вельмі хочацца падмацаваць гэтую інфармацыю архіўнымі дакументамі і надзею я не губляю. Ёсць яшчэ  фонд 111 па Неманіцкай царкве, а ў ім вопіс 1 справа 10 з дакументамі да “шлюбных вобшукаў” (тут магчыма будзе ўзгадка пра шлюб прадзедаў). Дадзеная справа пакуль расшыта і не выдаецца. Таксама ёсць ф. 136 воп. 22  справа 60 па Неманіцкай царкве з метрычнымі кнігамі за 1850-86 гг, якая ўжо некалькі год на рэстаўрацыі (а тут яшчэ застаецца надзея знайсці запіс аб нараджэнні Варвары). Зрэшты абодва запісы могуць апынуцца і ў зусім іншай царкве, так што пошук працягваецца.


Міжваенная мапа часткі Барысаўскага раёну, уключна з Лошніцай, Граблом, Вялікімі Негнавічамі, Ярцаўкамі, Неманіцай і Заваламі.

Што тычыцца датаў існавання хутара, то ўзнік ён недзе ў сярэдзіне 19 стагоддзя, а знік з прыходам калгасаў і калектывізацыі на тэрыторыі Ўсходняй Беларусі. Кажуць калісьці там таксама былі магільныя пліты, якія пасля зааралі. Нехта з жыхароў хутара пераехаў у Ярцаўкі, нехта ў суседнія вёскі.

А вечны спакой мой прапрадзед Матфей Іванаў Лукашэвіч знайшоў на могілках у суседняй вёсцы Завалы ва ўзросце 84 гадоў. Яго магіла захавалася, хоць і прайшло амаль сто гадоў (прапрадзед быў пахаваны прыкладна ў 1918 годзе). Калі я адкрыла для сябе гэты факт, гэта быў сапраўдны цуд. Ты прыходзіць да надмагілля і разумееш: тут ляжыць твой продак, ён бацька тваёй прабабулі, дзед тваёй бабулі, прадзед твайго бацькі… Такія моманты сапраўды натхняюць і даюць цярпення шукаць далей.

Напрыканцы гэтага аповяду дадам вось такі здымак:

Бацькі і сёстры Варвары

На ім сям’я, якая прыходзіцца роднымі маёй бабулі, адпаведна гэта нехта з Лукашэвічаў. Толькі я пакуль не магу дакладна сказаць, дзе хто. Так што не ўсе таямніцы яшчэ раскрыты і працяг будзе.

 

Амаль лаціна-амерыканскі серыял са шчаслівым канцом

NB: Гэта беларуская версія папярэдняга допісу.

Самой не верыцца, што гэтая сямейная гісторыя была ў мяне перад вачыма ўжо некалькі год, а я дагэтуль не бачыла супадзенняў.

Яшчэ ў 2008 годзе я стварыла групу на Facebook для кожнага, што цікавіцца генеалагічнымі пошукамі па прозвішчы Барычэўскі. Заваўжыўшы, што шмат Барычэўскіх зарэгістраваныя менавіта там і паколькі гэта адной з маіх пашуковых прозвішчаў, я вырашыла паспрабаваць скарыстацца гэтай пляцоўкай. Сама група не вельмі вялікая, але вельмі каштоўная для мяне ў прыватнасці.

Са студзеня 2011 году я таксама рэгулярна працую з дакументамі ў Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі (дарэчы ў яго таксама ёсць старонка на Facebook). Такім чынам на сённяшні момант я праглядзела ўжо досыць шмат дакументаў і маю ўласныя нататкі датычна сваіх пашуковых прозвішчаў.

Вяртаючыся да непасрэдна гісторыя дадзенага допісу, я назірала за яднаннем розных Барычэўскіх адной лініі, якія зараз жывуць праз акіян і межы розных краінаў – і гэта адбывалася ў рэальным часе на Facebook. Гэтая сямейная лінія паходзіць ад двух братоў, якія эмігравалі з маленькай вёскі Кашара (тут мапа з некаторымі вёскамі, якія маюць дачыненне да прозвішча Барычэўскі) у Польшчу і Аргенціну (пазней пераязджаючы ў іншыя краіны). Асабіста, я шчыра лічыла, што дадзеная галіна дрэва Барычэўскіх не мае ніякага дачынення да маёй сям’і, паколькі мае продкі паходзяць з вёскі Дубай, тым не менш абедзве вёскі знаходзяцца ў Столінскім раёне.

Недзе тыдзень таму я праглядала абмеркавані ў групе і пераглядала свае запісы, і тут я зразумела, што магчыма ёсць сувязь паміж дзвюма лініямі – можа не кроўная, але прынамсі добрасуседская. Справа ў тым, што старэйшыя члены сям’і Барычэўскіх у Кашары ўсе мелі супольнае імя па бацьку – Самуілавіч. Згодна са звескамі нашчадкаў Самуіл прыехаў у Кашару з Пінска. Тым часам у Дубаі таксама быў адзін Самуіл. Нехта скажа, што заўчасна з’ядноўваць гэтых двух у аднаго, улічваючы, што імя магло быць распаўсюджаным і ў прынцыпе ў мяне амаль няма дадзеных па вёсцы Кашара… Вядома, але я думаю, што сувязь ёсць (прынамсі мне хочацца ў гэта верыць). Самуіл Мацьвеевіч Барычэўскі нарадзіўся каля 1860 года ў в. Плотніца. Мне гэта вядома з запісу аб яго вянчанні ў в. Дубенец 13 лютага 1881 года (жыхар Плотніцы ва ўзросце 21 года) з Ірынай Сямёнаўнай Давідоўскай з Дубая. З вялікай верагоднасцю бацькамі Самуіла былі Мацьвей Самуілаў Барычэўскі (нар. каля 1833 г. у Плотніцы) і Алена Фаміна Колб (нар. каля 1835 г. у Плотніцы). Мацьвей і Алена абвянчаліся ў Плотніцы 15 студзеня 1858 г.

Царква ў Дубенцы захоўвала метрычныя звесткі па Дубаі, а гэта мая першапачатковая пашуковая вёска. Так што я ведаю, што ў Самуіла і Алены было прынамсі чацьвёра дзяцей, якіх там хрысцілі: Параскевію ў 1882 г., Самуіла ў 1891 г., Максіма ў 1893 г. і яшчэ адну Параскевію ў 1895 г. У метрыках таксама пазначаюць месца рэгістрацыі бацькоў на той момант, так у 1882 г. гэта была Плотніца, у 1891 і 1893 гг. – Пінск, у 1895 г. – Дубай. Мяркую, што ў іх было болей дзяцей, але хрысцілі іх ў іншай царкве, магчыма ў Пінску ці Альшанах (дадзеныя па Кашары захоўваюцца ў гэтай царкве). Вядома, гэтую тэорыю трэба пазней правяраць у архіве.

Ірына, жонка Самуіла Мацьвеева Барычэўскага, нарадзілася ў Дубаі 24 красавіка 1864 года. Яе бацькамі былі Сымон (пазней узгадваецца як Сямён) Васіліеў Давідоўскі і Людзвіка Стэфанаўна (прозвішча не ведаю). Яна мела прынамсі двух братоў (Міхаіл нар. каля 1858 г. і быў сведкам на яе шлюбе, і Фёдар нар. у 1866 г.) і сястру (Зеновія нар. у 1864 г.). А вось тут на сцэну выходзіць мая сям’я. Мой прапрадзед Іосіф Барычэўскі быў хросным бацькам Ірыны, Зеновіі і Фёдара Давідоўскіх. А значыць ён быў ці сваяком бацькоў Ірыны, ці проста добрым сябрам.

На жаль Ірына памёрла ў досыць маладым узросце – 37 гадоў, яе не стала 25 сакавіка 1899 г. у Дубаі. Пэўна, што неўзабаве, як і большасць мужчын  таго часу, Самуіл ажаніўся зноў. І магчыма ён перасяліўся ў Кашару…