Старыя фотаздымкі

Вельмі пашанцавала тым сем’ям, у якіх захаваліся вялікія фотаархівы з разнастайнымі постацямі сваякоў. У сям’і дзеда Васіля Хера і бабулі Вольгі Лукашэвіч захавалася некалькі здымкаў. Дзеда не стала, калі мне споўнілася 4 гады. Я шмат праводзіла часу з бабуляй, яна вучыла мяня чыць і пісаць, размаўляць па-беларуску або па-вясковаму. Менавіта з ёй я ўпершыню абмяркоўвала гісторыю сям’і і некаторыя з гэтых здымкаў. Але пра некаторыя яна мала што ведала, а пра іншыя я проста нічога не занатавала. І зараз, калі я праглядаю здымкі, мне здаецца, што наша размова нібыта працягваецца.

Сёння я змяшчу здымкі, якія магчыма дапамогуць мне даведацца нешта новае пра маю сям’ю. Магчыма ў кагосці дома захоўваюцца такія ж. А можа нехта пазнае каго. Гэтыя здымкі рабіліся ў розны час.

Вось гэты здымак, на якім адлюстраваны брат дзеда Стэфан (1889-1942?). Паколькі прозвішча яшчэ не змененае і да маці Стэфан не звяртаецца (яна памёрла ў 1913 г.), то здымак зроблены недзе ў 1913-1921 гг. Хто з трох мужчынаў Стэфан, я дакладна не ведаю. Мяркую, што ён у цэнтры, бо больш за ўсё нагадвае свайго сына Аляксандра, майго стрыечнага дзядзьку. Але я магу памыляцца, усе твары падаюцца мне знаёмымі.

Стэфан Хер (найверагодней ў цэнтры)
Подпіс фотаздымка: въ Хуторъ Негновичи получить Дорогому Папашу Сестрам Брату и Жене отъ сына к родитялямъ Стэфана Хера получить Алексею Говриловичу

На гэтым здымку сястра дзеда Любоў (1907-1988), пэўна яшчэ да замужжа з Грыгорыем Крачкоўскім, то бок недзе да 1933 г. Яна другая злева ў атачэнні сябровак. Іншых асоб мне бабуля называла, але я не занатавала…

Любоў Крачкоўская (Хер)
Любоў Крачкоўская (Хер) другая злева. Іншыя асобы невядомыя (магчыма яе стрыечныя сёстры народжаныя Чарняўскія: злева Любоў Яўменаўна Яфрэмава, а па цэнтры Ганна Яўменаўна Бачышча – родныя сёстры; іх маці Агафія Гаўрылаўна – родная сястра прадзеда Аляксея Гаўрылавіча)

Брат маёй бабулі Лукашэвіч Іван Фёдаравіч, нарадзіўся прыкладна ў 1909-1912 гг. Пра яго лёс мне мала вядома.

Брат бабулі Іван Фёдараў Лукашэвіч

Гэта нейкія сваякі па лініі бабулі, але хто яны застаецца пакуль таямніцай.

Невядомыя сваякі

Яшчэ адна сям’я, таксама хутчэй за ўсё Лукашэвічы. Гэтыя здымкі нечым нагадваюць тыя, что я ўжо змяшчала, калі пісала пра прабабулю Варвару Лукашэвіч.

Невядомыя сваякі

Невядомыя сваякі

Гэтых асобаў ніхто не пазнае, магчыма сваякі, а магчыма нейкія сябры сям’і.

Невядомыя сваякі

Невядомыя сваякі

Невядомы хлопчык, магчыма адзін з пляменнікаў бабулі.

Генадзь Лукашэвіч

Верагодна пляменнік бабулі Геня Лукашэвіч, сын Івана Фёдаравіча Лукашэвіча.

Яшчэ сваякі, магчыма кузіна бабулі. Паколькі здымак больш позні, спадзяюся, што нехта пазнае.

Стэфан Аляксееў і Ганна Лукашэвіч
Верагодна брат дзеда Стэфан Аляксеевіч Аляксееў (Хер) з жонкай Ганнай Фёдараўнай Лукашэвіч (таксама стрыечная сястра бабулі)

Неверагодныя і задуменныя твары, позіркі з мінулага, якія заварожваюць. Я вельмі спадзяюся, што аднойчы большасць з іх зноўку будзе мець імёны.

P.S. [21 лістапада 2016] Абнаўляю подпісы пад здымкамі, бо атрымоўваю зваротную сувязь ад сваякоў.

Каласы пад сярпом тваім…

Ведаеце, я доўга думала, што рэпрэсіі абмінулі маю сям’ю. Аднойчы мне напісалі паведамленне ў адным з форумаў, дзе я пісала пра свае пашуковыя прозвішчы. Мяне спыталі ці я ведаю нешта пра двух братоў Крачкоўскіх з вёскі Грабло Барысаўскага раёну. Паколькі сястра майго дзеда выйшла замуж за Крачкоўскага, то прозвішча было мне знаёмым. А ў выніку апынулася, што гэта былі родныя браты мужа маёй дваюраднай бабулі.

Крачковский Бронислав Иванович

Родился в 1899 г., д. Млехово Борисовского р-на Минской обл.; поляк; образование начальное; колхозник, Колхоз им.Куйбышева. Проживал: Минская обл., Борисовский р-н, д. Гребло.
Арестован в сентябре 1937 г.
Приговорен: “тройка” 11 октября 1937 г., обв.: 69, 72, 74 УК БССР – член к/р группы, а/с агитация.
Приговор: ВМН, конфискация имущества Расстрелян 23 октября 1937 г. Реабилитирован 27 декабря 1958 г. Президиум Минского облсуда

Крачковский Станислав Иванович

Родился в 1896 г., д. Гребло Борисовского р-на Минской обл.; поляк; образование начальное; колхозник, Колхоз им.Куйбышева. Проживал: Минская обл., Борисовский р-н, д. Гребло.
Арестован в сентябре 1937 г.
Приговорен: “тройка” 11 октября 1937 г., обв.: 69, 72, 74 УК БССР – член к/р группы, вредительство, а/с агитация.
Приговор: ВМН, конфискация имущества Расстрелян 23 октября 1937 г. Реабилитирован 27 декабря 1958 г. Президиум Минского облсуда

Источник: Белорусский “Мемориал”

Паляк у дадзеным выпадку азначае, што кожны з іх быў каталік (па-шчырасці, падзяленне на палякаў і рускіх згодна з рэлігійнай прыналежнасцю да каталікоў і праваслаўных мяне пастаянна бянтэжыць). У 1937 годзе Браніславу было 38, а Станіславу 41 год. Іх растралялі 23 кастрычніка 1937 года таму, што адзін з суседзяў па вёсцы напісаў данос…

Калі я стала распытваць сваякоў, то апынулася, што ў маёй сям’і амаль ніхто пра гэта не ведаў. Мая цёця распавяла, што аднойчы чула, як дзед неяк шаптаўся з іншымі аднавяскоўцамі пра арыштаваных, але болей яна не памятала. А вось мой дваюрадны дзядя, які даводзіцца родным пляменнікам расстраляным, ведаў і пра арышт, і пра растрэл, і пра данос, і імя аднавяскоўца, які яго напісаў.

Гэта проста нейкі фільм жахаў. Як можна было жыць у такі час, як можна было кожны дзень бачыць гэтага суседа?

Сёння дзень памяці расстраляных пісменнікаў і вось гэта відэа мяне найбольш узрушыла. Гераіня і дачка растралянага напрыканцы кажа: “Трэба ведаць, адкуль мы, хто нашы дзяды, і кланяцца ім. Таму, як дзякуйючы ім, мы ёсць пад гэтым сонцам, мы жывем. І каб захаваць сваё трэба прыходзіць да дзядоў, яны вам усё-усё падскажуць, усё раскажуць, нават тады, калі вы іх не бачыце.”

Гэта тэма, пра якую цяжка пісаць, яна вельмі балючая. Але мы мусім памятаць, бо памяць пра людзей, якія сталі ахвярамі рэпрэсій, робіць іх жывымі ў нашых сэрцах і іх імёны застануцца ў гісторыі, каб яна больш не паўтаралася.