Шлях праз вайну

Даўно збіралася напісаць пра другую сусветную вайну ў жыцці маіх двух дзядоў. Але ўсё адкладала паколькі тэма вайны нават праз дзесяцігоддзі застаецца балючай, асабліва калі нават сёння ў свеце працягваюцца ўзброенныя канфлікты.

Нагодай сённяшняга допісу стаў паход у Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны (дзе дарэчы кожны першы аўторак месяца бясплатны ўваход). Апошні раз у музеі ВАВ я была яшчэ ў старым будынку недзе ў 2004 годзе і мне было цікава паглядзець, што змянілася. Таксама (пра гэта ніжэй) я адшукала некаторыя факты пра франтавыя гісторыі сваіх дзядоў і мне было цікава паглядзець на экспанаты так ці інакш звязаныя з імі.

Мая кузіна ўлетку параіла мне пашукаць нашых дзядоў на сайце http://podvignaroda.mil.ru/. Як апынулася, гэта вельмі карысны рэсурс, які дазваляе знайсці ўзнагароды родных і паказвае копіі дакументаў, пра якія я нават і не марыла. Раю шукаць адразу праз пашыраны пошук асобаў, каб не праглядаць сотні падобных людзей з такім жа прозвішчам. Калі не атрымоўваецца знайсці з першага разу, спрабуйце замяніць пэўныя літары ці задаць меньш параметраў. Натуральна і для генеалагічных пошукаў можа прыдасца.

Вынікам майго пошуку сталі два дакументы, якія крыху распавядаюць за што абодва маіх дзеда атрымалі медалі.

Мой дзед Васіль быў з Барысаўшчыны, з Усходняй Беларусі і ўдзельнічаў у вызваленні Польшчы. На момант прызыву яму было 40 гадоў. Вось запіс пра ягоны медаль.

Дзед Васіль

НАГРАДНОЙ ЛИСТ – медаль “ЗА БОЕВЫЕ ЗАСЛУГИ”

“Красноармеец АЛЕКСЕЕВ Василий Алексеевич, будучи стрелком 494 стрелкового полка 134[не зусім разборліва] стрелковой дивизии 3-го Белорусского фронта, принимал активное участие в боях с немецкими захватчиками и в бою под г. Сувалки /Польша/ 24 августа 1944 года был тяжело ранен в правую голень и бедро. В результате ранения имеет: правая нога ограничиное в движении [правапіс арыгінала захаваны]. За …[неразборліва] участие на фронте Отечественной войны и полученное тяжелое ранение достоин награждения медалью “ЗА БОЕВЫЕ ЗАСЛУГИ””

Я з дзяцінства памятаю шыльду на доме дзеда, на якой было напісана нешта кшталту “У гэтым доме жыве ветэран ВАВ”. Дзеда не стала ў 1986, а шыльда ўсё яшчэ вісіць на ўваходзе, толькі літары больш не чытаюцца – час зрабіў сваю справу. Аднак мы, унукі, маем шанец зазірнуць адным вокам у гэты год вайны праз якую ён шоў з ліпеня 1944 па сакавік 1945. Тры тыдні на вайне і цяжкое раненне ў баях на чужыне за тое, каб ворагі адступалі, вайна скончылася. А ў выніку і мірнае жыццё, і ён сам вярнуліся ў родную вёску.

Мой дзед Стэфан быў са Століншчыны, з Заходняй Беларусі і ўдзельнічаў у баях пад Будапештам. На момант наступлення на Будапешт яму было 35 гадоў. Вось запіс пра ягоны медаль.

Дзед Стэфан

3 Укр. фронт

секретно

экз. №1

ПРИКАЗ

по 1073 стрелковому Львовскому полку 316 стрелковой Темрюкской Краснознаменной дивизии.

15 января 1945 года №010/Н Действующая Армия.

НАГРАЖДАЮ:

МЕДАЛЬЮ ЗА ОТВАГУ

3. Наводчика противотанкового ружья взвода противотанковых ружей 1го стрелкового батальена красноармейца БАРИЧЕВСКОГО Степана Александровича за то, что он 25.11.1944 года в бою за селом Сигетсент-Миклош южнее города Будапешта 15 километров, огнем из своего ружья подавил огонь трех пулеметов немцев.

Я знайшла гэтую вёску пад будапештам, там вялікікая колькасць вайсковых магіл салдат Чырвонай арміі. Мой дзед мог застацца там, калі яго кантузіў выбухнуўшы снарад. Дзякуючы нейкаму санітару, які здагадаўся праверыць ягоны пульс, калі дзеда ўжо неслі як нежывога, дзед застаўся жыць і вярнуўся дадому.

Сёння ў музеі мы з мамай знайшлі два проціватанкавых адназарадных ружжы, адно сістэмы Дзехцярова, другое сістэмы Сіманава. Не ведаю, якім карыстаўся мой дзед, але адназначна пачынаеш па іншаму глядзець на экспанаты музея.

Я ўпэўнена, што абодвум дзядам-сялянам было страшна выкарыстоўваць зброю супраць няхай і ворагаў, але людзей. І гэта думка не дае мне спакою. Гэта такі нялёгкі выбар і такі вялікі цяжар. Вайна скалечыла іх целы, але яна таксама іх змяніла назаўсёды.

Гэта гісторыя не толькі двух асобных мужных людзей, уся гісторыя складаецца з такіх малых прыватных гісторый. Каштоўны кожны чалавек. Таму вельмі важна вырашаць любыя канфлікты да таго як яны ўзнікнуць і без зброі.

Шукайце свае гісторыі, абмяркоўвайце іх са сваякамі і распавядайце сваім дзецям.