Каласы пад сярпом тваім…

Ведаеце, я доўга думала, што рэпрэсіі абмінулі маю сям’ю. Аднойчы мне напісалі паведамленне ў адным з форумаў, дзе я пісала пра свае пашуковыя прозвішчы. Мяне спыталі ці я ведаю нешта пра двух братоў Крачкоўскіх з вёскі Грабло Барысаўскага раёну. Паколькі сястра майго дзеда выйшла замуж за Крачкоўскага, то прозвішча было мне знаёмым. А ў выніку апынулася, што гэта былі родныя браты мужа маёй дваюраднай бабулі.

Крачковский Бронислав Иванович

Родился в 1899 г., д. Млехово Борисовского р-на Минской обл.; поляк; образование начальное; колхозник, Колхоз им.Куйбышева. Проживал: Минская обл., Борисовский р-н, д. Гребло.
Арестован в сентябре 1937 г.
Приговорен: “тройка” 11 октября 1937 г., обв.: 69, 72, 74 УК БССР – член к/р группы, а/с агитация.
Приговор: ВМН, конфискация имущества Расстрелян 23 октября 1937 г. Реабилитирован 27 декабря 1958 г. Президиум Минского облсуда

Крачковский Станислав Иванович

Родился в 1896 г., д. Гребло Борисовского р-на Минской обл.; поляк; образование начальное; колхозник, Колхоз им.Куйбышева. Проживал: Минская обл., Борисовский р-н, д. Гребло.
Арестован в сентябре 1937 г.
Приговорен: “тройка” 11 октября 1937 г., обв.: 69, 72, 74 УК БССР – член к/р группы, вредительство, а/с агитация.
Приговор: ВМН, конфискация имущества Расстрелян 23 октября 1937 г. Реабилитирован 27 декабря 1958 г. Президиум Минского облсуда

Источник: Белорусский “Мемориал”

Паляк у дадзеным выпадку азначае, што кожны з іх быў каталік (па-шчырасці, падзяленне на палякаў і рускіх згодна з рэлігійнай прыналежнасцю да каталікоў і праваслаўных мяне пастаянна бянтэжыць). У 1937 годзе Браніславу было 38, а Станіславу 41 год. Іх растралялі 23 кастрычніка 1937 года таму, што адзін з суседзяў па вёсцы напісаў данос…

Калі я стала распытваць сваякоў, то апынулася, што ў маёй сям’і амаль ніхто пра гэта не ведаў. Мая цёця распавяла, што аднойчы чула, як дзед неяк шаптаўся з іншымі аднавяскоўцамі пра арыштаваных, але болей яна не памятала. А вось мой дваюрадны дзядя, які даводзіцца родным пляменнікам расстраляным, ведаў і пра арышт, і пра растрэл, і пра данос, і імя аднавяскоўца, які яго напісаў.

Гэта проста нейкі фільм жахаў. Як можна было жыць у такі час, як можна было кожны дзень бачыць гэтага суседа?

Сёння дзень памяці расстраляных пісменнікаў і вось гэта відэа мяне найбольш узрушыла. Гераіня і дачка растралянага напрыканцы кажа: “Трэба ведаць, адкуль мы, хто нашы дзяды, і кланяцца ім. Таму, як дзякуйючы ім, мы ёсць пад гэтым сонцам, мы жывем. І каб захаваць сваё трэба прыходзіць да дзядоў, яны вам усё-усё падскажуць, усё раскажуць, нават тады, калі вы іх не бачыце.”

Гэта тэма, пра якую цяжка пісаць, яна вельмі балючая. Але мы мусім памятаць, бо памяць пра людзей, якія сталі ахвярамі рэпрэсій, робіць іх жывымі ў нашых сэрцах і іх імёны застануцца ў гісторыі, каб яна больш не паўтаралася.

Таямніца Неманіцы, альбо гісторыя пра сямейны хутар

Барысаўшчына – адзін з рэгіёнаў, які я даследую для сваёго сяменага дрэва. Мае продкі па бацькоўскай лініі жылі там на працягу як мінімум двух стагоддзяў. І хаця ў прынцыпе мне пашанцавала, што шмат якія дакументы захаваліся, я ўсё роўна сутыкаюся з тым, што нейкай інфармацыі не хапае. Вялікай дапамогай у пошуку мне сталі мае сваякі: дзядзі, цёці і іх кузэны блізкія і далёкія. Зусім нядаўна я падцвердзіла сваю тэорыю датычна дзявочага прозвішча маёй прабабулі.


Варвара Мацьвеева Лукашэвіч (1878-1962) з унучкай Клаўдзіяй

Але ўсё па парадку. Мая прабабуля Варвара нарадзілася на хутары, на хутары які заснавалі два браты недзе ў сярэдзіне 19 стагоддзя. Хутар называўся Купейка. Усё бы нічога, толькі на сучасных мапах гэтая назва не сустакаецца (хаця ёсць у даведніку Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь (Мінская вобласць) 2003 года, як страчаная назва). Таксама іншыя генеалагісты дапамаглі мне знайсці дзве ўзгадкі пра Купейкі ў спісе айконімаў Барысаўшчыны:

Купейка – вёска, зараз не існуе; знаходзілася ў кіламетры на паўднѐвы захад ад вёскі Ярцаўка
Купейка 2-я – вёска, зараз не існуе, знаходзілася на тэрыторыі сучаснага Мётчанскага с/с

(паводле “Гоман Барысаўшчыны” №12(93) за 2006 год, №1-2(94-95) за 2007 год з удакладненнямі)

З. Купейка на мапе 1869 года

Таму мая першапачатковая версія, што хутар мог быць побач з Млёхавам (адкуль паходзяць многія Барысаўскія Лукашэвічы) ці са Старабарысавам (дзе ў прабабулі была маёмасць), адпала. Наступнай задачай стала вызначыць, калі хутар існаваў і да якой царквы адносіўся (паколькі верагодна, што прабабуля была праваслаўнай). Гэта задача апынулася не самай лёгкай і дакладных адказаў усё яшчэ няма. Аднак метрычныя кнігі ў НГАБ і размовы з дзядзямі і цёцямі дапамагаюць, бо хто шукае, той знаходзіць.

Што тычыцца прыхода, па некаторых дадзеных гэта мусіла быць царква ў Лошніцы, але там Купейка не ўгадвалася ніводнага раза. Па адлегласці маглі таксама быць Глівін і Вяляцічы. Але праглядаючы метрычныя кнігі ўсіх трох цэркваў патрэбных запісаў я не знаходзіла: ні запіса аб шлюбе маіх прадзедаў Фёдара Антонава Лукашэвіча і Варвары Матфеевай недзе ў 1897-99 гг, ні запіса аб нараджэнні Варвары прыкладна ў 1878 годзе. Тры гады таму я нават зрабіла запыт ў НГАБ, каб мне зрабілі платны пошук, які таксама не даў вынікаў з-за адсутнасці дакументаў (хаця дадаў да спісу цэркваў Неманіцу).

Скажу шчыра, я была ў роспачы. Справа ў тым, што жаночая генеалогія ўскладняецца тым, што пасля шлюбу прозвішча жонкі традыцыйна мяняецца. Дакладна ж вызначыць дзявочае прозвішча можна толькі па запісе аб шлюбе, якога ў мяне не было. Я працягвала праглядаць запісы па Неманіцкай царкве і сустракала некалькі імёнаў, якія гучалі падобна да маёй прабабулі, сярод іх былі “Застенка Купейки Борисовскій мещанинъ Александръ Матфеевъ Лукашевичъ“, “заст. Купейки мещанка Елена Матфеева Лукашевичъ девица”, “мещанина города Борисова, проживающего на хуторе Купейка, Феодора Матфеева Лукашевича” і “Хутора Купейки Борисовскій мещанинъ Матфей Ивановъ Лукашевичъ“. А паколькі ў Купейцы ўсяго сутракалася толькі тры прозвішчы – Лукашэвіч, Адамейка і Бабіцкі – то выснова напрошвалася сама: Варвара была Лукашэвіч і да шлюба. А бацькам яе быў вышэй узгаданы Мафей Іванаў Лукашэвіч. Зрэшты гэтая версія і падцвердзілася пры далейшай размове са сваякамі, якія падцвердзілі, што Фёдар Матфееў і Варвара Матфеева былі роднымі братам і сястрой.

Вядома, вельмі хочацца падмацаваць гэтую інфармацыю архіўнымі дакументамі і надзею я не губляю. Ёсць яшчэ  фонд 111 па Неманіцкай царкве, а ў ім вопіс 1 справа 10 з дакументамі да “шлюбных вобшукаў” (тут магчыма будзе ўзгадка пра шлюб прадзедаў). Дадзеная справа пакуль расшыта і не выдаецца. Таксама ёсць ф. 136 воп. 22  справа 60 па Неманіцкай царкве з метрычнымі кнігамі за 1850-86 гг, якая ўжо некалькі год на рэстаўрацыі (а тут яшчэ застаецца надзея знайсці запіс аб нараджэнні Варвары). Зрэшты абодва запісы могуць апынуцца і ў зусім іншай царкве, так што пошук працягваецца.


Міжваенная мапа часткі Барысаўскага раёну, уключна з Лошніцай, Граблом, Вялікімі Негнавічамі, Ярцаўкамі, Неманіцай і Заваламі.

Што тычыцца датаў існавання хутара, то ўзнік ён недзе ў сярэдзіне 19 стагоддзя, а знік з прыходам калгасаў і калектывізацыі на тэрыторыі Ўсходняй Беларусі. Кажуць калісьці там таксама былі магільныя пліты, якія пасля зааралі. Нехта з жыхароў хутара пераехаў у Ярцаўкі, нехта ў суседнія вёскі.

А вечны спакой мой прапрадзед Матфей Іванаў Лукашэвіч знайшоў на могілках у суседняй вёсцы Завалы ва ўзросце 84 гадоў. Яго магіла захавалася, хоць і прайшло амаль сто гадоў (прапрадзед быў пахаваны прыкладна ў 1918 годзе). Калі я адкрыла для сябе гэты факт, гэта быў сапраўдны цуд. Ты прыходзіць да надмагілля і разумееш: тут ляжыць твой продак, ён бацька тваёй прабабулі, дзед тваёй бабулі, прадзед твайго бацькі… Такія моманты сапраўды натхняюць і даюць цярпення шукаць далей.

Напрыканцы гэтага аповяду дадам вось такі здымак:

Бацькі і сёстры Варвары

На ім сям’я, якая прыходзіцца роднымі маёй бабулі, адпаведна гэта нехта з Лукашэвічаў. Толькі я пакуль не магу дакладна сказаць, дзе хто. Так што не ўсе таямніцы яшчэ раскрыты і працяг будзе.

 

Такое цудоўнае прозвішча Хер

Я не жартую, што прозвішча цудоўнае і як мінімум адметнае, хаця ў Беларусі пэўна яно больш не існуе. Сапраўды чым правінілася прозвічша сугучнае з літарай стараславянскага алфавіта Хер? Ці літара і прозвішча вінаватыя, што сталі замяняльнікам іншага слова?

Мае сябры вельмі весела рагочуць, калі я ім апавядаю, што калі б не брат майго дзеда, які хацеў больш “простае” прозвішча, якое б яму не замінала ў прафесійным росце, то нарадзілася б я з прозвішчам Хер. Таццяна Хер – па-мойму нават цікава. Аднак жонка майго дзядзі аднойчы сказала, што замуж бы за яго с такім прозвішчам не пайшла. Вось такое сур’ёзнае і несур’ёзнае прозвішча.

Але ж па парадку. Усё 19 стагоддзе мае продкі жылі з гэтым прозвічшам і не ведалі клопату. І яны былі не адныя – больш за палову вёскі Вялікія Негнавічы (ў сённяшнім Барысаўскім раёне) мелі гэта прозвішча. У гэтай вёсцы прозвішча было распаўсюджанае, аднак мала дзе яшчэ сустракаецца, а таму яно і адметнае.

Пасля першай сусветнай вайны і рэвалюцыі ў Расійскай імперыі, пачаліся новыя працэсы ў грамадстве. Сяляне пачалі задумвацца аб змене прозвішчаў, каб лепш пасаваць да новых рэаліяў. Я не ведаю, ці жартавалі з прозвішча Хер у 19-м стагоддзі, але ў 20-м відавочна, што для брата майго дзеда яно было не зручным (аб прычынах застаецца здагадвацца). І вось старэйшы сын Стэфан майго прадзеда Аляксея ўгаворвае бацьку памяняць прозвішча. За новым прозвішчам далёка хадзіць не сталі: паколькі дзеда клікалі Аляксей, то і прозвішча ўзялі па вясковай традыцыі клікаць усю сям’ю паводле главы сям’і, то бок Аляксеевы. Так што калі мне кажуць, што Аляксееў прозвішча рускае, то я адказваю, што яно сапраўднае беларускае, толькі новатвор.

У нацыянальным гістарычным архіве я знайшла метрыку Стэфана сына Аляксея Хера за 1889 год, у якой ужо пазней было пазначана Барысаўскім ЗАГС аб змене прозвішча ягоным бацькам і адпаведна сынам. Цікава, што ў майго дзеда Васіля такога штампа ў метрычнай кнізе не стаіць (хіба было пазначана ў іншых дакументах, бо дзед нарадзіўся ў 1904 г. і на момант змены прозвішча не быў паўналетнім).


Прозвішча Хер зменена бацькам на Аляксееў у 1921 годзе.

Між тым прозвішча мянялі і шматлікія аднавяскоўцы. Таму мабыць ніводнага Хера ў выніку не засталося. Так адзін брат прадзеда змяніў прозвішча на Грозаў (гл. ніжэй), іншы – на Хораў. Яшчэ адзін сваяк стаў Яфімавым і г.д.

Я не пакідаю надзеі знайсці яшчэ якія-небудзь дакументальныя сведчанні аб змене прозвішча, бо пакуль вышэй пазначаны запіс – гэта адзінае, што я знайшла. Між іншым у той час пра змену прозвішча трэба было паведаміць у газеце. Такім чынам мне патрапілася на прасторах інтэрнэта вытрымка з невядомай газеты аб змене прозвішча брата майго прадзеда – Карпа Хера. На вялікі жаль, крыніцу дадзенай выявы я не занатавала, а адшукаць зноўку больш не магу. Магчыма ў мяне атрымаецца знайсці арыгінал газеты і таксама нататку пра майго прадзеда Аляксея.


Нататка ў газеце аб змене прозвішча Хер на Грозаў

Ёсць таксама кур’ёзныя гісторыі звязаныя з гэтым прозвішчам у нас час. Яго вельмі складана адшукаць у пашукавіках, бо замест прозвішча з’яўляецца шмат артыкулаў пра літару Х і замяняльнік ненарматыўнага слова. Складана, але магчыма. Адну вясёлую гісторыю апісаў на сваёй старонцы спадар Розенблюм, распавёўшы як доўга яму давялося спрачацца з мадэратарамі расійскага генеалагічнага партала, каб дадаць запіс аб беларускім партызане па прозвішчы Хер.

Сёння адным з галоўных герояў маёй нататкі быў Стэфан Аляксеевіч Аляксееў (н. Хер), які загінуў бяз вестак у час другой сусветнай вайны. Яго забралі нямецкія салдаты ў 1942 годзе і пра далейшы лёс ягоны і дзе знаходзіцца ягоная магіла ніхто ў сям’і не ведае. Ён быў партызанам, ён змагаўся і верыў у лепшую будучыню, як і усе мы. Ён застанецца ў нашай памяці і магчыма аднойчы здарыцца цуд і мы даведаемся, дзе і як ён знайшоў спакой.

А тым часам нашчадкі Хер працягваюць свой пошук, пішуць у блогах і абмяркоўваюць паходжанне прозвішча ў сацыяльных сетках. Таму працяг абавязкова будзе. Сачыце за абнаўленнямі 😉

Архіў пад адкрытым небам

Ведаеце што гэта? Вядома, могілкі. Месца, дзе проста пад нагамі ляжыць радавод, які толькі трэба унесці ў сямейнае дрэва. Аднак не ўсё так проста, вельмі часта не ўсе продкі пахаваныя на адных і тых жа могілках і не ўсе надпісы на помніках можна прачытаць праз 100 год.

Радуніца цяпер для мяне – гэта не толькі дзень, калі мы ідзем на могілкі паразмаўляць з тымі, хто сыйшой; гэта і нагода паразмаўляць пра іх з роднымі і суседзямі. Раней я не разумела, навошта рабіць фотаздымкі на могілках на Радуніцу. У маёй бабулі іх было некалькі, на кожным шмат людзей – дзеці, людзі сталага веку, сваякі і суседзі. А цяпер усё стала відавочна, гэта сапраўды дзень, калі сустракаеш тых, каго магчыма не бачыў год, а то і болей, і ні ў які іншы дзень ты іх не сустрэнеш. Гэта такі з’езд аднавяскоўцаў і нагода для фотасэсіі. Кожны год у гэты дзень мы праводзім у размовах побач з продкамі гадзіну і болей. Людзі абменьваюцца навінамі, узгадваюць тых, што сыйшоў нядаўна, распавядаюць сямейныя гісторыі. Вось ён гэты момант, калі трэба пераўтварыцца ў вушы і вочы, слухаць, запамінаць і занатоўваць.

Яшчэ ў такі дзень даследчык радаводу можа стаць мясцовай зоркай, якую ўсім прадстаўляюць і з якой раяцца. У мінулым годзе я ўзяла на могілкі ноўтбук – падумала, што лепей мець пад рукой усю назбіраную інфармацыю, калі нехта будзе мець пытанні – і не прагадала. Адзін з далёкіх сваякоў падыйшоў і стаў запытвацца што і як трэба рабіць, каб знайсці патрэбную інфармацыю. І тут я, як фокуснік, уключаю ноўт і даю яму дакладныя імёны і даты. Яму рэальна пашанцавала, што пашуковыя прозвішчы ў нас аднолькавыя і гэтыя імёны ў мяне былі выпісаныя. Вось так на роўным месцы зрабіла чалавека крыху больш шчаслівым.

Цяпер я таксама важу па вясковым могілкам сваіх стрыечных сясцёр і братоў, паказваючы, дзе якія сваякі ляжаць. І гэта толькі пачатак, яшчэ столькі можна зрабіць.

Напрыклад ёсць сайт Billion Graves (billiongraves.com), які дазваляе пераводзіць у лічбавы фармат інфармацыю пра могілкі і магілы. Працэс вельмі просты, але працаёмкі. Трэба скачаць на свой смартфон праграмку і праз яе рабіць фотаздымкі помнікаў. Калі робіцца здымак, то ў ім жа захоўваюцца геаграфічныя каардынаты і тым самым канкрэтная магіла пазначаецца на мапе. Можна таксама расшыфраваць надпіс на помніку і тады яго можна будзе ўжо шукаць у базе дадзеных на сайце billiongraves.com. Калі няма часу займацца расшыфроўкай, то можна толькі пададаваць помнікі і спадзявацца, што расшыфоўку зробіць нехта іншы. Толькі падумайце, калі нехта шукае канкрэтную магілу на могілках і яна пазначана ў дадзенай праграме, то вам нават пракладуць маршрут і вы не згубіцеся. Часам думаю, што было б крута знайсці мясцовых школьнікаў са смартфонамі і адправіцца на суботнік, каб перавесці ўсю інфармацыю ў лічбавы фармат…

Спадзяюся, што дадзены запіс натхніць каго-небудзь да больш уважлівага стаўлення да надпісаў на помніках. Я ж разумею, што ў мяне яшчэ наперадзе новыя адкрыцці і прынамсі трое іншых могілак на Барысаўшчыне, па якім трэба пахадзіць. Я ўжо не кажу пра Палессе, там яшчэ невядомая колькасць могілак, але гэта ўжо іншыя гісторыі.