Старыя фотаздымкі

Вельмі пашанцавала тым сем’ям, у якіх захаваліся вялікія фотаархівы з разнастайнымі постацямі сваякоў. У сям’і дзеда Васіля Хера і бабулі Вольгі Лукашэвіч захавалася некалькі здымкаў. Дзеда не стала, калі мне споўнілася 4 гады. Я шмат праводзіла часу з бабуляй, яна вучыла мяня чыць і пісаць, размаўляць па-беларуску або па-вясковаму. Менавіта з ёй я ўпершыню абмяркоўвала гісторыю сям’і і некаторыя з гэтых здымкаў. Але пра некаторыя яна мала што ведала, а пра іншыя я проста нічога не занатавала. І зараз, калі я праглядаю здымкі, мне здаецца, што наша размова нібыта працягваецца.

Сёння я змяшчу здымкі, якія магчыма дапамогуць мне даведацца нешта новае пра маю сям’ю. Магчыма ў кагосці дома захоўваюцца такія ж. А можа нехта пазнае каго. Гэтыя здымкі рабіліся ў розны час.

Вось гэты здымак, на якім адлюстраваны брат дзеда Стэфан (1889-1942?). Паколькі прозвішча яшчэ не змененае і да маці Стэфан не звяртаецца (яна памёрла ў 1913 г.), то здымак зроблены недзе ў 1913-1921 гг. Хто з трох мужчынаў Стэфан, я дакладна не ведаю. Мяркую, што ён у цэнтры, бо больш за ўсё нагадвае свайго сына Аляксандра, майго стрыечнага дзядзьку. Але я магу памыляцца, усе твары падаюцца мне знаёмымі.

Стэфан Хер (найверагодней ў цэнтры)
Подпіс фотаздымка: въ Хуторъ Негновичи получить Дорогому Папашу Сестрам Брату и Жене отъ сына к родитялямъ Стэфана Хера получить Алексею Говриловичу

На гэтым здымку сястра дзеда Любоў (1907-1988), пэўна яшчэ да замужжа з Грыгорыем Крачкоўскім, то бок недзе да 1933 г. Яна другая злева ў атачэнні сябровак. Іншых асоб мне бабуля называла, але я не занатавала…

Любоў Крачкоўская (Хер)
Любоў Крачкоўская (Хер) другая злева. Іншыя асобы невядомыя (магчыма яе стрыечныя сёстры народжаныя Чарняўскія: злева Любоў Яўменаўна Яфрэмава, а па цэнтры Ганна Яўменаўна Бачышча – родныя сёстры; іх маці Агафія Гаўрылаўна – родная сястра прадзеда Аляксея Гаўрылавіча)

Брат маёй бабулі Лукашэвіч Іван Фёдаравіч, нарадзіўся прыкладна ў 1909-1912 гг. Пра яго лёс мне мала вядома.

Брат бабулі Іван Фёдараў Лукашэвіч

Гэта нейкія сваякі па лініі бабулі, але хто яны застаецца пакуль таямніцай.

Невядомыя сваякі

Яшчэ адна сям’я, таксама хутчэй за ўсё Лукашэвічы. Гэтыя здымкі нечым нагадваюць тыя, что я ўжо змяшчала, калі пісала пра прабабулю Варвару Лукашэвіч.

Невядомыя сваякі

Невядомыя сваякі

Гэтых асобаў ніхто не пазнае, магчыма сваякі, а магчыма нейкія сябры сям’і.

Невядомыя сваякі

Невядомыя сваякі

Невядомы хлопчык, магчыма адзін з пляменнікаў бабулі.

Генадзь Лукашэвіч

Верагодна пляменнік бабулі Геня Лукашэвіч, сын Івана Фёдаравіча Лукашэвіча.

Яшчэ сваякі, магчыма кузіна бабулі. Паколькі здымак больш позні, спадзяюся, што нехта пазнае.

Стэфан Аляксееў і Ганна Лукашэвіч
Верагодна брат дзеда Стэфан Аляксеевіч Аляксееў (Хер) з жонкай Ганнай Фёдараўнай Лукашэвіч (таксама стрыечная сястра бабулі)

Неверагодныя і задуменныя твары, позіркі з мінулага, якія заварожваюць. Я вельмі спадзяюся, што аднойчы большасць з іх зноўку будзе мець імёны.

P.S. [21 лістапада 2016] Абнаўляю подпісы пад здымкамі, бо атрымоўваю зваротную сувязь ад сваякоў.

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *