Ох і ах, альбо як Пінская шляхта не падзяліла вуллі ў 17 ст.

Па матчынай лініі шмат маіх продкаў належалі да пінскай шляхты. Магчыма таму твор Дуніна-Марцінкевіча з аднайменным назовам мне так блізкі і нібыта больш родны. І ў сямейных гісторыях я бачу нейкія паралелі з творам Дуніна-Марцінкевіча: і гонар, і складаны выбар годнага партнэра, і дробныя сваркі за маёмасць і шмат іншага…

Сярод прозвішчаў, якія сустракаюцца ў маім дрэве найчасцей ёсць Некрашэвічы, Барычэўскія і Вярэнічы. Шчыра кажучы, мне вельмі пашанцавала, што ўсе тры прозвічшы мелі справы ад дваранскім паходжанні ў Мінскім дваранскім дэпутацкім сходзе і захаваліся ў Нацыянальным гістарычным архіве ў фондзе 319. Яшчэ больш мне пашанцавала, што два прозвішчы пачытаюцца на літары Б і В, а адпаведна ўваходзяць у другі і трэці том Гербоўніка беларускай шляхты. Ну і нарэшце вялікі дзякуй спадару Анатолю Статкевічу-Чабаганаву за тое, што трэці том ягонай серыі кніг «Я — сын Ваш» распавядае пра «Некрашевічаў герба «Любіч». Літару Н у серыі Гербоўніка давялося б чакаць яшчэ доўга, а так ужо ёсць адзін надрукаваны вывад Некрашэвічаў (сямейнае дрэва да пачатку 19 ст.).

Аднак ёсць адна важная акалічнасць. Для таго, каб напоўніцу выкарыстаць існуючыя вывады, трэба самой шмат часу правесці ў архіве і даследваць гісторыю сям’і да пачатку 19 стагоддзя. Улічваючы “павольнае абслугоўванне радаводнікаў” і чэргі у гістарычным архіве, гэта справа гэта не аднаго году. Са згаданых прозвічаў на сённяшні дзень у мяне атрымалася з’яднаць толькі адну лінію Некрашэвічаў.

Атрымалася гэта так. Я неяк шукала ў інтэрнэце патрэбныя мне прозвішчы і напаткала запіс на адным з форумаў пра тое, што ёсць апрацаваны вывад Некрашэвічаў-Стахоўскіх. Гэта вывад ад 22.11.1802 года (Нацыянальны Гістарычны архіў Беларусі. Ф. 319 (Менскі дваранскі дэпутацкі сход), воп. 1, спр. 32а (дэкрэты вывадаў 1802 году, кн. 1), арк. 631-638адв). Цікава тое, што ў адрозненні ад вышэй згаданай серыі “Я – сын Ваш” і гісторыі Некрашэвічаў гэта іншая лінія (герб таксама Любіч). Але гэта менавіта тая лінія, якая была патрэбная мне. Ужо колькі разоў у думках, у размовах і зараз у блогу дзякую я Пятру Мацьвееву Некрашэвічу і ягонай жонцы (эх, жаночыя імёны вельмі складана аднаўляць на вялікі жаль) за тое, што ў 1771 годзе яны назвалі свайго сына і майго продка ў шостым пакаленні Яўменам. Нетыповае для вываду імя (яно было толькі адно такое) і дазволіла мне з’яднаць сваё дрэва з больш раннім.

Так што вось ён чароўны ланцуг імёнаў Некрашэвічаў праз стагоддзі: Фёкла (прабабуля) – Стэфан – Фёдар – Яўмен – Пётар – Мацьвей –  Андрэй – Багдан – Кірдзей – Ян/Іван – Багдан – Макей – Міхна – і Ян (нар. да 1554 г.)

Гэты прыклад з геалагічным форумам не раз натхняў мяне на далейшыя пошукі не толькі ў архівах, але і ў іншых крыніцах, то бок форумах, артыкулах і нават сацыяльных сетках. Не верыце? А вы паспрабуйце!

Вяртаючыся да загалоўку сённяшняй нататкі, распавяду пра сённяшні пошук на прасторах інтэрнэту. Зноўку шукала Некрашэвічаў і напаткала вось на другі выпуск Беларускага археаграфічнага штогодніка за 2001 год. Мяне зацікавіў артыкул ДАКУМЕНТАЛЬНЫЯ МАТЭРЫЯЛЫ XVI — ХVIII стст. У ФОНДАХ НАЦЫЯНАЛЬНАГА МУЗЕЯ ГІСТОРЫІ І КУЛЬТУРЫ БЕЛАРУСІ, аўтары спадар Г. М. Брэгер і спадарыня Л. А. Лінская (старонкі 105-120). Аўтары апісваюць дакумент №36, які “належыць да
архіва нейкага шляхціца з Пінскага павета (аколіца Плотніца)”. Цытую (стар. 117):

36. Квітацыйны ліст зямянаў ЯКМ* Пінскага пав. Стахоўскіх — Мікалая Андрэевіча Гацэвіча, Астафія Крыштафавіча і Аляксандра Грыгоравіча Зялевічаў-Вярэнічаў, Даніэля Андрэевіча Вярэніча, Аляксандра Фёдаравіча Комара, Лявона Васільевіча, Фёдара Мікалаевіча, Аляксандра Паўлавіча і Багдана Кірдэевіча Некрашэвічаў, з аднаго боку, і Філона Міхайлавіча Вабішчэвіча-Плотніцкага, з другога боку, аб пагадненні ў справе захопу Стахоўскімі ў сваёй Стахоўскай пушчы на ўрочышчу ў Забароўскай купе ў дворышчу Некрашэвіч вулляў з пчоламі і без пчолаў, якія належалі Плотніцкаму.Стахава, 28.02.1696.Польская мова, 2 арк. Пячатак няма.Подпісы: 1. Андрэй Юнкевіч-Плотніцкі; 2. Ян Комар; 3. Аляксандр Комар-Стахоўскі.

*NB: ЯКМ – Яго каралеўскай міласці

Ого! Вось пра што ты дбаў, Багдан Кірдзеявіч, мой прамы продак у 10-ым пакаленні. Справа падаецца не такая простая, калі столькі людзей задзенічана было. Пэўна шмат там было пчолаў… Трэба абавязкова азнаёміцца з гэным дакументам.

Гэтая сённяшняю знаходка мяне вельмі ўсцешыла і прымусіла задумацца пра тое, што яшчэ шмат архіваў, музеяў і бібліятэкаў, дзе захоўваецца мая гісторыя. А значыць шмат будзе і адкрыццяў.

Гербоўнік беларускай шляхты, літара В

Гербоўнік беларускай шляхты, літары А, Б і В

Учора ў Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі адбылася прэзентацыя трэцяга тома “Гербоўніка беларускай шляхты” на літару В. Падзея знакавая, бо з моманту, калі быў выдадзены папярэдні том, прайшло ўжо сем год. Выдавецтва “Беларусь” выпусціла наклад у 700 асобнікаў, і кніга ўжо ёсць у кнігарнях. Для параўнання першы том выйшаў накладам у 150 і другі ў 300 асобнікаў, абодва папярэднія выданні ўжо немагчыма знайці ў кнігарнях, але можна было пабачыць на прэзентацыі і патрымаць у руках.

Дарэчы, трэці том можна таксама набыць у архіве за 177600 Br (плюс 5000 камісіі пры аплаце ў Белінвестбанку ці 15000 у іншых банках). Кошт меншы чым у кнігарнях, але трэба аплаціць квітанцыю ў банку і толькі тады можна прыдбаць кнігу. 700 асобнікаў не так шмат, так што варта паспяшацца.

Вяртаючыся да прэзентацыі гербоўніка: учора было шмат цікавых размоўваў і гісторыяў, якія сягаюць у пачатак дзевя ностых, калі пачалася праца над дадзенай серыяй. Натуральна, хочацца, каб новыя тамы выходзілі штогод, а не раз у пяць-сем год. Аўтары тома паабяцалі, што будуць намагацца змяніць дадзены трэнд і выдаваць новыя тамы раз на два гады. Так што чакаем наступную літару ў 2016 годзе.

Гербоўнік беларускай шляхты, Т3
Трэці том гербоўніка

 

Цікава, што кірылічнай літары В пашанцавала быць у пачатку алфавіта і яна з’явілася ў трэцім томе. Шляхецкія роды на літару V ці W звычайна з’яўляюцца ў друку аднымі з апошніх ці ўвогуле не з’яўляюцца. Так што беларускім даследчыкам пашанцавала ў пэўным сэнсе, асабліва калі сярод іх продкаў ёсць шляхцічы з прозвічшам на літару В.

Мне таксама пашанцавала (пра гэта напішу асобна), а Вам?

Паход у нацыянальны гістарычны архіў

Мае стасункі з архівам складаныя: сёння я выходжу адтуль поўная энтузіазму і натхнення, а заўтра ў роспачы, што да выдачы наступных спраў трэба чакаць яшчэ тры тыдні. Так дарэчы і ўзнік гэты блог – часткова, каб запоўніць “радаводнай справай” дні паміж паходамі ў архіў. Але пошук у архіве насамрэч захапляе і нішто не параўнаецца з пачуццём, калі знаходзіш патрэбны дакументальны запіс і думкамі вяртаешся ў мінулае сваіх продкаў. Таксама, як адноўчы мне сказала супрацоўніца архіва, ніхто так не зацікаўлены ў дасканалым пошуку гісторыі тваёй сям’і, як ты сам.

Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі змяшчае тысячы дакументаў, якія могуць быць карысныя для генеалагічных пошукаў. На сайце архіва ёсць парады, якія могуць быць вельмі карысныя пачаткоўцам (гл. тут: niab.by/genealogy/). Звярніце ўвагу на даведнік па архіўных фондах, які дапаможа арыентавацца ў нумарах і змесце асобных фондаў.

Што трэба зрабіць перад пачаткам працы ў архіве:

– Сістэматызацыя існуючых дадзеных аб Вашых продках;

Перад паходам у архіў трэба ўзброіцца ўсёй магчымай інфармацыяй, якую Вы сабралі па сваім дрэве. Важна ведаць поўныя імёны, месцы нараджэння, веравызнанне (паколькі метрычныя кнігі вяліся пры храмах), даты нараджэння (ці прынамсі год).

Ужо на гэтай стадыі я пачала карыстацца вельмі зручнай праграмкай My Heritages Family Tree Builder (скачаць можна тут), яна даступная на рускай і англійскай мовах сярод шматлікіх іншых (беларускай версіі нажаль няма). Асноўная фунцыя, якая мне вельмі дапамагла, – гэта маляванне графікаў родзічаў і магчымасць уносіць дадзеныя па шматлікіх сем’ях. Так што вельмі раю.

Таксама я шмат працую з табліцамі (для прыкладу ў Excel). Я раблю асобны файл для кожнай метрычнай кнігі, з якой працую, а пасля ўношу дадзеныя ў Family Tree Builder.

– Вызначэнне асобаў, якіх шукаць першымі;

Варта ўсведамляць, што ў гістарычным архіве захоўваюцца дакументы да 1917 г. (у некаторых выпадках крыху пазней, напрыклад да 1920 г.). Адпаведна, каб распачаць пошук уласнай сямейнай гісторыі трэба мець імёны продкаў, якія нарадзіліся да гэтага году.

– Заява на дазвол працаваць у чытальнай зале архіва;

Архіў – бюракратычная ўстанова, у якой без дазволу і некалькіх подпісаў нельга нешта зрабіць. Перад пачаткам працы ў чытальнай зале трэба завітаць у архіў з заявай, каб атрымаць чытацкі білет, які трэба будзе штогод аднаўляць. У заяве пазначаюцца пашуковыя прозвішчы і іх дачыненне да Вас. Узор заявы тут.

– Вызначэнне царквы/рэлігійнай установы;

Будзьце гатовы, што сённяшняе тэрытарыяльная і парафіяльная дзяленне можа не супадаць з тым, што было ў мінулым і пазамінулым стагоддзям. Супрацоўнікі архіва могуць дапамагчы кансультацыяй, але трэба будзе зрабіць прынамсі аднаразовую аплату за гэтую паслугу. Мне асабіста такія кансультацыі дапамагалі слаба і да высноваў я прыходзіла сама. У чытальнай зале ёсць электронныя даведнікі, якія могуць дапамагчы. Ведаючы царкву ці іншую рэлігійную ўстанову пры дапамозе электроннага даведніка ў чытальнай зале можна праглядзець спіс захаваных справаў па дадзеным храме (ёсць падрабязный даведнік па метрычных кнігах, то бок па запісах ад нараджэнні, шлюбе ці смерці).

– Вопісы

У кожнага фонда ў архіве існуе адзін ці болей (у выпадку, калі фонд вялікі) вопіс. Вопіс – гэта пералік і апісанне усіх кніг, якія знаходзяцца на захаванні ў дадзеным фондзе. Па мноству фондаў выдрукаваныя вопісы ёсць у чытальнай зале і з імі можна азнаёміцца на месцы, каб вырашыць якую кнігу (справу) Вы жадаеце замовіць.

– Замова

Каб замовіць патрэбныя справы, трэба скарыстацца бланкам замоў. У ім трэба пазначыць тры лічбы: нумар фонду, нумар вопісу і нумар справы/кнігі. Пазначаецца пашуковае прозвішча і загалоўкі спраў. Звярніце ўвагу, што архіў ласкава праросіць нумарацыю распісываць у парадку павялічэння (для прыкладу справа 5 павінна быць пазначана раней за справу 10; вопіс 14 раней за 22 вопіс таго ж фонду). Некаторыя справы могуць быць даступныя толькі ў лічбавым фармаце, тады іх трэба замаўляць на асобным бланку. На асобным бланку раю рабіць і асабліва каштоўныя справы паколькі іх трэба здаваць праз пяць дзён пасля выдачы, а з іншымі справамі магчыма Вы захочаце папрацаваць даўжэй.

– Запасціся цярпеннем

Даследчыкі радаводу маюць права замовіць за раз толькі пяць спраў і новыя можна замаўляць толькі здаўшы папярэднія. Паколькі попыт на працу ў чытальнай зале сярод насельніцтва перавышае колькасць месцаў у чытальнай зале, то ёсць абмежаванне на максімальную колькасць заявак “радаводнікаў” на кожны дзень (восем, калі не памыляюся). У выніку на сённяшні дзень чарга на выдачу складае 2-3 тыдні.

Так што поспехаў у пошуках!

P.S. Буду рада адказаць на пытанні ў каментарах.

Як думаеш, хто ты? Альбо Who do you think you are?

Шэраг аднайменных перадачаў транслюецца ў ЗША, Вялікабрытаніі і Канадзе (дастаткова на YouTube.com увесці назву перадачы і можна пабачыць шмат выпускаў, што праўда, на арыгінале, то бок па-англійску). Для беларускіх гледачоў пэўна будуць цікавыя выпускі з акторамі, якія маюць так ці інакш “беларускі” ці “ліцьвінскі” след. У такім выпадку вельмі раю паглядзець выпускі з Дэвідам Сушэ, вядомым за сваю ролю Пуаро, і Лізай Кудроў, якая здымалася ў серыяле Friends.

Кадр з перадачы з Лізай Кудроў у вёсцы Ільля

Увогуле ўсе перадачы вельмі цікавыя і мяне асабіста вельмі натхняюць на пошук гісторый кожнага з маіх продкаў. Пасля прагляду кожнай серыі я задаю сабе пытанне: “А ці добра я ведаю, якім быў лёс кожнай маёй бабулі, маіх дзядоў і прадзедаў?” І праўда ў тым, что я ведаю вельмі мала… Канешне я ведаю нейкія галоўныя факты з жыцця маіх дзядоў (хаця і з прабеламі – пра гэта ў іншых допісах), але ўжо на адзін крок далей інфармацыі зусім мала. І вельмі важна менавіта зараз распытаць усіх тых, хто меў шанец з імі паразмаўляць, а менавіта бацькі, іх браты і сёстры у першую чаргу; а таксама суседзі, сваякі…

Вось толькі некалькі пытанняў, якія я сабе задаю: Чаму мой прадзед памёр так рана? Хто ў сям’і быў высокім і чый “высокі” ген у мяне і маіх кузэнаў? Якім было жыццё падчас Першай сусветнай вайны ці падчас другой? Што стаіць за медалямі маіх дзядоў? Ад чаго паміралі дзеці? Якія мары былі ў маіх продкаў і якія здзейсніліся?

Столькі рэальных і эмацыйных гісторый жыве ў памяці людзей, якія ніводны дакумент не здольны данесці. Размаўляйце са сваімі роднымі, абмяроўвайце і запамінайце.

Архіў пад адкрытым небам

Ведаеце што гэта? Вядома, могілкі. Месца, дзе проста пад нагамі ляжыць радавод, які толькі трэба унесці ў сямейнае дрэва. Аднак не ўсё так проста, вельмі часта не ўсе продкі пахаваныя на адных і тых жа могілках і не ўсе надпісы на помніках можна прачытаць праз 100 год.

Радуніца цяпер для мяне – гэта не толькі дзень, калі мы ідзем на могілкі паразмаўляць з тымі, хто сыйшой; гэта і нагода паразмаўляць пра іх з роднымі і суседзямі. Раней я не разумела, навошта рабіць фотаздымкі на могілках на Радуніцу. У маёй бабулі іх было некалькі, на кожным шмат людзей – дзеці, людзі сталага веку, сваякі і суседзі. А цяпер усё стала відавочна, гэта сапраўды дзень, калі сустракаеш тых, каго магчыма не бачыў год, а то і болей, і ні ў які іншы дзень ты іх не сустрэнеш. Гэта такі з’езд аднавяскоўцаў і нагода для фотасэсіі. Кожны год у гэты дзень мы праводзім у размовах побач з продкамі гадзіну і болей. Людзі абменьваюцца навінамі, узгадваюць тых, што сыйшоў нядаўна, распавядаюць сямейныя гісторыі. Вось ён гэты момант, калі трэба пераўтварыцца ў вушы і вочы, слухаць, запамінаць і занатоўваць.

Яшчэ ў такі дзень даследчык радаводу можа стаць мясцовай зоркай, якую ўсім прадстаўляюць і з якой раяцца. У мінулым годзе я ўзяла на могілкі ноўтбук – падумала, што лепей мець пад рукой усю назбіраную інфармацыю, калі нехта будзе мець пытанні – і не прагадала. Адзін з далёкіх сваякоў падыйшоў і стаў запытвацца што і як трэба рабіць, каб знайсці патрэбную інфармацыю. І тут я, як фокуснік, уключаю ноўт і даю яму дакладныя імёны і даты. Яму рэальна пашанцавала, што пашуковыя прозвішчы ў нас аднолькавыя і гэтыя імёны ў мяне былі выпісаныя. Вось так на роўным месцы зрабіла чалавека крыху больш шчаслівым.

Цяпер я таксама важу па вясковым могілкам сваіх стрыечных сясцёр і братоў, паказваючы, дзе якія сваякі ляжаць. І гэта толькі пачатак, яшчэ столькі можна зрабіць.

Напрыклад ёсць сайт Billion Graves (billiongraves.com), які дазваляе пераводзіць у лічбавы фармат інфармацыю пра могілкі і магілы. Працэс вельмі просты, але працаёмкі. Трэба скачаць на свой смартфон праграмку і праз яе рабіць фотаздымкі помнікаў. Калі робіцца здымак, то ў ім жа захоўваюцца геаграфічныя каардынаты і тым самым канкрэтная магіла пазначаецца на мапе. Можна таксама расшыфраваць надпіс на помніку і тады яго можна будзе ўжо шукаць у базе дадзеных на сайце billiongraves.com. Калі няма часу займацца расшыфроўкай, то можна толькі пададаваць помнікі і спадзявацца, што расшыфоўку зробіць нехта іншы. Толькі падумайце, калі нехта шукае канкрэтную магілу на могілках і яна пазначана ў дадзенай праграме, то вам нават пракладуць маршрут і вы не згубіцеся. Часам думаю, што было б крута знайсці мясцовых школьнікаў са смартфонамі і адправіцца на суботнік, каб перавесці ўсю інфармацыю ў лічбавы фармат…

Спадзяюся, што дадзены запіс натхніць каго-небудзь да больш уважлівага стаўлення да надпісаў на помніках. Я ж разумею, што ў мяне яшчэ наперадзе новыя адкрыцці і прынамсі трое іншых могілак на Барысаўшчыне, па якім трэба пахадзіць. Я ўжо не кажу пра Палессе, там яшчэ невядомая колькасць могілак, але гэта ўжо іншыя гісторыі.

«Я. Праўдзівы аповяд пра твой і мой радавод» У.Ліпскі

Ведаеце, часам мяне пытаюць, чаму я раблю радавод. Думаю, кожны рабіў у школе заданне намаляваць сямейнае дрэва, дзе трэба было пазанчыць бацькоў і дзядоў. Памятаю, я набыла ў бліжэйшай кнігарні аркуш памерам А3, на якім была схема сямейнага дрэва (недзе яна ў мяне яшчэ нават захавалася). Менавіта тое дрэва і было маёй першай спробай сістэматызаваць уласны радавод. Вось толькі тое дрэва мела больш кружкоў для запаўнення чым у мяне мелася інфармацыі. Як мала я тады ведала пра сваіх продкаў…

Прыкладна ў той жа час я пазнаёмілася з кнігай Уладзіміра Ліпскага «Я. Праўдзівы аповяд пра твой і мой радавод». Гэтая кніга мяне ўразіла і натхніла, менавіта тады я падумала, што было б крута сабраць хаця б нешта падобнае да таго, што зрабіў спадар Уладзімір. Гэтая кніга напісана вельмі дасціпна і я ўпэўнена, што шмат школьнікаў, як і я, загарэліся ідэяй даследвання свайго радаводу, прачытаўшы яе. Дарэчы некалькі месяцаў таму мне пашанцавала сустрэцца са спадаром Ліпскім на публічным мерапрыемстве і я шчыра яму падзякавала за натхненне.

Што да першых крокаў у маляванні схемы радаводу, то праўду казалі ў школе, апытвайце сваякоў, у першую чаргу сваіх бабуляў і дзядуляў. Яны ведаюць тое, што ніводны архіў не здолее распавесці. Мне пашанцавала праводзіць час толькі з адной бабуляй. На вялікі жаль мая другая бабуля і мае дзяды памерлі да таго, як я магла ў іх усё распытаць. У размовах з бабуляй я занатоўвала імёны, даты і вёскі, дарэчы, гэта мне вельмі дапамагло пазней. Тым не менш, я шкадую, што не заўсёды разумела, якія пытанні задаваць і што ўсё трэба занатоўваць. Як вынік я занатавала так мала з таго, што ведала мая бабуля (для прыкладу, я дагэтуль дакладна не ведаю дзявочае прозвішча яе маці – маёй прабабулі). Таму тым, хто вырашыць даследаваць свою радавод, раю занатоўваць усё і як мага падрабязней – любая дэталь можа апынуцца вырашальнай у далейшых пошуках.

Для мяне радаводнае дрэва падобнае на вялікую мазаіку, якая рупліва збіраецца з маленькіх кавалкаў. Часам нейкіх частак не хапае і тады пачынаецца падбор патрэбнага кавалку. Менавіта тут дапамагаюць сваякі, сямейныя легенды і дэтэктыўныя здольнасці…

Так што на пытанне, чаму я раблю радавод, мой адказ – мяне гэта натхняе, мне гэта цікава і ніхто да мяне ў маёй сям’і гэтага не рабіў, а таму гэта яшчэ большая прывабная таямніца.

Мой сябар спытаў мяне аднойчы, як я зразумею, што праца скончана. Тады я пажартавала, што магчыма, калі скончацца дакументы ў архіве па маім дрэве. Але я бы хацела скончыць свой радавод тады, калі ён будзе працягвацца без майго ўдзелу, калі мае сваякі далучацца да гэтай справы і радавод пачне жыць у розных паралелях сваім жыццём.